Янка Купала
Курган
Паміж пустак, балот беларускай зямлі,
На ўзбярэжжы ракі шумнацечнай
Дрэмле памятка дзен, што ў нябыт уцяклі, -
Ўдзірванелы курган векавечны.
Дуб галлё распусціў каранасты над ім.
Сухазелле у грудзі ўпілося;
Вецер стогне над ім уздыханнем глухім, -
Аб мінуўшчыне ў жальбах галосе.
На купалле там птушка садзіцца, пяе,
У піліпаўку воўк нема вые;
Сонца днём распускае там косы свае,
Ночкай зоры глядзяць залатыя.
Хмары неба ўсцілалі мо тысячу раз,
Перуны білі з краю да краю, -
Ён стаіць - гэта памяць людская, паказ...
Толькі гутарка ходзіць такая.
Якуб Колас
Ручэй
Між алешын, кустоў,
Дзе пяе салавей,
І шуміць і грыміць
Срэбразвонны ручэй.
Як матулька, вярба
Хіліць голаў над ім,
І глядзяцца кусты
Пышным верхам сваім.
Абступаюць яго
Чараты, асака,
Падыходжзіць мурог
Да яго здаляка.
Часам зорка ўначы
На яго кіне зрок,
І хмурынка не раз
Зазірне ў ручаёк.
І схіляе трава
Над ім пасмы-брыжы,
А ён, жэўжык-пястун,
Гучным сьмехам дрыжыць.
То заскочыць у гай,
То курган абаўе,
Дзе сярдзіта бубніць,
Дзе лагодна пяе.
Люба слухаць той сьпеў,
Несьціханы, густы,
І пад песьні яго
Адпачынеш і ты.
Максім Багдановіч
«Па-над белым пухам вішняў...»
* Музыка перш за ўсё.
П. Вэрлен (фр.)
Па-над белым пухам вішняў,
Быццам сіні аганёк,
Б’ецца, ўецца шпаркі, лёгкі
Сінякрылы матылёк.
Навакол усё паветра
Ў струнах сонца залатых, –
Ён дрыжачымі крыламі
Звоніць ледзьве чутна ў іх.
І ліецца хваляй песьня, –
Ціхі, ясны гімн вясьне.
Ці ня сэрца напявае,
Навявае яго мне?
Ці ня вецер гэта звонкі
Ў тонкіх зёлках шапаціць?
Або мо сухі, высокі
Ля ракі чарот шуміць?
Не паняць таго ніколі,
Не разьведаць, не спазнаць:
Не даюць мне думаць зыкі,
Што ляцяць, дрыжаць, зьвіняць.
Песьня врецца і ліецца
На раздольны, вольны сьвет.
Але хто яе пачуе?
Можа, толькі сам паэт.
Максім Танк
«Дрэвы паміраюць...»
Дрэвы паміраюць,
Калі перастаюць пазнаваць
Зьмены года
I не адгукаюцца рэхам;
Вада – калі забывае,
Куды ёй плыць,
I нікому не спатольвае смагі;
Зямля – калі перастае
Радзіць хлеб
I быць калыскай песьняў;
Чалавек – калі страчвае здольнасьць
Зьдзіўляцца і захапляцца
Жыцьцём.
Комментариев нет:
Отправить комментарий