Творы на памяць 6 клас

                Алесь Пісьмянкоў
          Продкі
Калі марнею ад нягод
I сэрцу цесна,
Я ўспамінаю радавод
I продкаў песьні.

Яны ідуць за годам год
Зь мячом і з плугам.
О, мой нязводны род,
Ён моцны духам!

Імёны памяць берагла,
Вяла празь церні,
Каб я ня сеяў зла,
А толькі – зерне.

Да іх іду я зноў і зноў,
Ім веру сьвята.
Таму й вяду сваіх сыноў
Да іх на раду.

             Алесь Ставер

Жураўлі на Палессе ляцяць...


Каб любіць Беларусь нашу мілую,
Трэба ў розных краях пабываць.
Разумею цяпер, чаму з выраю
Жураўлі на Палессе ляцяць.

Што ім тыя пагоды паўднёвыя!
Што ім пышны платанавы рай,
Калі клічуць іх далі сасновыя
I азёрны рабінавы край.

Сакавітыя пожні мурожныя
He заменіш нічым і нідзе,
I зямлю, дзе сцяжыначка кожная
У прыветлівы двор прывядзе.

Каб любіць Беларусь нашу мілую,
Трэба ў розных краях пабываць.
Зразумееш тады, чаму з выраю
Жураўлі на Палессе ляцяць.

              Паўлюк Трус

Падаюць сняжынкi

(Урывак з паэмы "Дзесяты падмурак")


Падаюць сняжынкi -
дыяменты - росы,
Падаюць бялюткi
за маiм акном...
Расчасалi вiшнi
шоýкавыя косы
I ýранiлi долу
снегавы вянок.
Дзесьцi у прасторах
празвiнелi бомы.
Дацвiлi пялёсткi
нейчае тугi...
I здаецца зноýку -
еду я дадому
Пераведаць родных,
блiзкiх, дарагix.
Axiнае вечар
тонкiя мярэжы,
На акне альвасы
дагарэлi ý сне.,
А ý душы квяцiстасць,
i такая свежасць,
I з вачэй усмешкi
сыплюцца на снег.

             Мікола Сурначоў
 У стоптаным жыце
Ніколі не ехаць
Хлапцу маладому
Да блізкага гаю,
Да роднага дому.

Над ім асыпаюцца
Слуцкія краскі,
Абсмалены колас
Схіліўся да каскі.

Ляжыць ён, як віцязь,
У стоптаным жыце.
Маці спаткаеце, -
Ёй не кажыце...

            Якуб Колас

      Конь і сабака

Свабодны конь гуляў на волі,
I хвост, і грыву распусціў,
Іржаннем ён сваім будзіў
I лес стары і чыста поле.

У бок прахожы стараніўся,
Яму дарогу уступаў.
Ад страху Рудзька прытуліўся
I толькі ціхенька брахаў.

Каня злавілі, прывязалі,
На вобруць, беднага, ўзялі.
Аборкай ногі абвілі
I борзды бег яго стрымалі.

З-за вугла вылазіць Рудзька.
— Гаў-гаў-гаў — давай брахаць.
За хвост каня кусае цюцька —
Ні адцягнуць, ні адагнаць!

Малыя дзеці тут гулялі,
Дзівілісь многа і казалі
(Па дурнаце не разабралі —
Дзіця малое, як ягня):
— А Рудзька дужшы за каня!

Комментариев нет:

Отправить комментарий